23:21

Перекуленае неба

Друкуецца ў "Маладосцi". Максат Бяшымаў. Перакуленае неба

Я хачу, каб было неба, белае-белае ад запаланіўшых яго пышных аблокаў. І каб праз іх прарэхі прабіваліся залацістыя праменні. Хачу, каб гэтыя стрэлы святла рухаліся ў розныя бакі, вымалёўваючы на зямлі мудрагелістыя ўзоры. І няхай дзіця ярка-зялёнай акварэллю намалюе лугі і пагоркі, напалову круглыя, якія ўзвышаюцца адзін над другім. Можа, ён намалюе там і мяне з табою, і сябе паміж намі, калі ён моцна трымае нас за рукі. І не істотна, што фігуры не будуць прапарцыянальнымі, і што галовы нашы будуць круглымі, як мячыкі; няхай у мяне застанецца ўсяго толькі дзве-тры валасіны, прамыя, як антэна, а ў цябе будуць кучары якога-небудзь незразумелага колеру. І няхай ногі нашы будуць настолькі тонкімі, наколькі ачэрчаны грыфель алоўка. Я буду з зачараваннем любавацца гэтай карцінкай і нікому яе не аддам.
Ужо апусцілася ноч, калі ты нарэшце прыйшла. Я сядзеў у сваім недабудаваным доме. Я так ніколі яго і не дабудую. На табе была цёмна-сіняя сукенка, а я сядзеў на драўлянай табурэтцы, голы па пояс, у брудных шэрых штанах. Не заўважыў твайго прыходу. Мой амярцвелы позірк быў прыкуты да цэглы. Ты ўвайшла без стуку – не было дзвярэй. У руках несла полымя, пад якім марудна раставала свечка. Дзіўна, чаму не ліхтар? Але ўсё ж ты з’явілася, і ў пакоі стала святлей, хаця я гэтага не заўважыў. Найперш ты ўбачыла вядро з зацвярдзелым цэментам, затым — вялікую чорную дзірку на столі. Над ёю валадарыла пустэльная бясконцая цемра. Яна не зацікавіла цябе, таму што вочы твае спыніліся на аголенай мужчынскай спіне, месцамі вычарчанай старымі шнарамі.
Ты падышла, прысела на кукішкі і паставіла перада мною пластмасавую каробачку з ядою. Я пазнаў знаёмыя карыя вочы.
— Паедзем дахаты, — сказала ты.
Я паспрабаваў адказаць, што тут мой дом, але не адважыўся, таму моўчкі працягваў углядацца ў нетры тваіх вачэй. Яны так ззялі, быццам перапоўніліся вільгаццю. Я глядзеў і думаў: наколькі ж усё банальна і недарэчна.
Памятаю, як мы пазнаёміліся. Там, у доўгім і цьмяным калідоры, дзе не было ніводнай душы і ўсе дзверы былі зачыненыя. Я шукаў працу, а ты падыходзіла да свайго кабінета. Тады на табе была такая самая цёмна-сіняя сукенка са шлейфам. Ты старэй за мяне па ўзросце, але тады я адчуваў сябе лядашчым і старым. Ды і апранаўся я неахайна. Што ж прывабіла такую элегантную прыгажуню? Неспасціжна.
У наступную сустрэчу мы разгаварыліся, а праз некаторы час пачалі гаварыць без супынку, пакуль не навучыліся разумець адзін аднаго без слоў. Тады мы пажаніліся. Гэта было праз тры месяцы пасля нашай першай сустрэчы. Настолькі мы былі ўпэўненыя і рашучыя.
Пасля гэтага я памаладзеў душою. І ты маладзела ад шчасця. Усё было цудоўна. Але мы забыліся ўлічыць, што нават калі жыццё працякае па нязменным русле, сама гэтая аднастайнасць становіцца праблемай.
Нам пашчасціла. Я ўладкаваўся на высокааплочваемую працу і хутка прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы. Ты была рэдактарам у выдавецтве. Мы жылі ў палоне вар’яцкага, нястрымнага запалу і амаль кожную ноч аддаваліся шалёнаму, жывёльнаму жаданню. Мы адначасова бралі адпачынак і выпраўляліся ў далёкія краіны, ляжалі на пляжы ў Дубаі, гулялі па вузенькіх вулачках Стамбула, моршчылі нос пры выглядзе дзіўных кітайскіх страў. Усё складвалася як нельга лепей.
Так прайшлі першыя гады сумеснага жыцця – весела і захапляюча. Але нас усё яшчэ было двое.
Ты пайшла да дактароў. Я хадзіў па клініках. Мы лячыліся, прымалі парашкі, глыталі рознакаляровыя пілюлі, здавалі аналізы. Гэтулькі дактароў бачылі нашы інтымныя месцы. Цэлы год мы як быццам лячыліся ад розных хвароб. Часам цябе ванітавала, і месяц праходзіў у прыемным чаканні.
Але мы ўсё яшчэ заставаліся ўдвух. Дактары на самай справе не выяўлялі ніякіх хвароб.
Падпарадкоўваючыся бацькам, мы хадзілі да розных знахарак і тэбібаў, хаця і не верылі ім і дарэмна гублялі час. Здавалася, нейкі цяжкі праклён скоўвае нашы надзеі.
Памятаю, як ты ўсміхалася ў дзіцячай краме, гледзячы на маленечкія смешныя пінеткі. Памятаю, як плакала ад нястрыманай зайздрасці, калі даведвалася, што у нейкіх гулён нараджалася дзіця, якое тыя пазней кідалі на волю лёсу.
Ты накупіла ўсялякай дзіцячай вопраткі, запоўніла ёю велізарны чамадан. Кожны раз, дадаючы туды новую рэч, ты даставала купленае раней і пачынала марудна складваць назад, хвілінамі разглядаючы кожную рэч, ад шапачак да шкарпэтак. У такія імгненні ты сама здавалася мне дзіцем.
Ты плакала начамі, шчыльна тулячыся да мяне, і я суцяшаў і цалаваў цябе ў горкія шчокі. Зрэдзьчас я і сам даваў волю пачуццям, зачыняючыся ў ванным пакоі, але ты ніколі пра гэта не ведала.
Пайшоў чацвёрты год, пяты… Ты перастала плакаць. Мы апусцелі і высахлі, як такыр. Надзея згасла. Усынаўляць ці ўдачараць не хацелася. Марылі, каб нашы дзеці былі падобныя да нас. Каб у іх спалучыліся мой характар з тваёй знешнасцю.
Час загаіў памяць, быццам прытаптаную сцежку. Мы пачалі нават забывацца, у чым наша праблема, чаго нам не хапае. Жылі, быццам на аўтапілоце. Перасталі падарожнічаць, забаўляцца, смяяцца. Мы прачыналіся зусім рана, снедалі і сыходзілі на працу, а вечарам гэтаксама механічна вячэралі, стрымана, нешматслоўна абмяркоўвалі навіны і клаліся спаць, пакідаючы ў ложку паміж намі пустую прастору.
Далей у цябе пачаліся істэрыкі. Ды і я, запальчывы, не стрымліваў языка. Любая дробязь прадвяшчала велізарную катастрофу ў нашых адносінах. Кожны вечар сцены дома трэскаліся ад нашай бессэнсоўнай ярасці. Часам справа даходзіла да бойкі. Ты біла мяне як вар’ятка, і я пачынаў верыць, што зрабіўся табе ненавісным, і адразу сыходзіў дыхаць свежым паветрам. Пасля гэтага ты рыдала, абвінавачваючы мяне ў тым, што кідаю цябе. Часам я губляў разважлівасць, і твар твой чырванеў ад аплявухі, але ўжо праз імгненне, калі па ружовых шчоках сцякала вільгаць, я вымольваў у цябе прабачэнне, называючы сябе дурнем.
Урэшце мы дайшлі да таго, што нам патрэбна было адпачываць адзін ад аднаго, мяняць абставіны. Ты сыходзіла да маці і заставалася там на выходныя. А я купіў месца на лецішчы і пачаў уласнаручна будаваць там дом у вольны час. Кожную суботу, уцякаючы ад адзіноты, я ішоў туды і нетаропка працягваў складваць цагліны адну на другую. У мяне не было пэўнага плану пабудовы хаціны. Я бессэнсоўна працягваў яе будаваць, здымаючы кашулю і надзяваючы навушнікі.
Аднойчы ты не вярнулася ў нядзелю. Я пазваніў даведацца, ці ўсё ў парадку. Ты адказвала суха: усё, маўляў, добра, толькі вырашыла застацца ў маці яшчэ на некалькі дзён. Але ўсё ж я быў упэўнены — гэта з-за нашай апошняй сваркі. Тады ты ізноў накінулася на мяне з кулакамі, а я, зусім ашалелы ад гневу, парваў на табе сукенку і авалодаў табою прама на халоднай кухоннай падлозе.
Ты супраціўлялася і, моцна жмурачыся, плакала, але я не спыняўся, пакуль не кончыў, а здарылася гэта вельмі хутка. Нават сорамна прызнавацца, наколькі хутка. Блізкасці ў нас доўга не было, а я табе ніводнага разу не здраджваў, і палавое жыццё ў мяне было спынена.
Пасля таго, што здарылася, ты так і засталася нерухома ляжаць на падлозе, а я пайшоў і зачыніўся ў гасцёўні.
У наступны панядзелак я застаўся дома. Сядзеў, тупа гледзячы ў столь, не збіраючыся на працу. Ты прыйшла ўвечары і не прамовіла ніводнага слова. Пасля таго дня я ўзяў адпачынак на цэлы месяц, але не паведаміў табе пра гэта. Я пачаў ездзіць на дачу. Таго, што пральная машына вельмі хутка напаўнялася штанамі з плямамі ад засохлага цэменту, ты не заўважала, магчыма, табе было ўсё роўна. Месяц адпачынку закончыўся, але я ўсё адно не выходзіў на працу і працягваў будаваць той дом. Тым не меней, як бы ні стараўся, мне здавалася, што наадварот, ён становіцца ўсё меншым і меншым, цяснейшым і цяснейшым.
Пасля некалькіх дзён адсутнасці без важкіх прычын мяне звольнілі з працы. Болей я туды не наведваўся, ды і людзей пачаў пазбягаць. З імі мяне звязвала толькі ты, але і ты цяпер аддалілася ад мяне. Мы пачалі спаць у розных пакоях. Я размясціўся на канапе ў гасцёўні і імгненна засынаў, а тэлевізар да самай раніцы працягваў працаваць.
Аднойчы, нанёсшы на сцяну тынкоўку, я і не заўважыў, што сонца ўжо схавалася за даляглядам. Тады да мяне прыйшла дзіўная думка пераначаваць тут, у доме, адкрытым з усіх бакоў для халоднага скразняку. Я з такой лёгкасцю прыняў гэта рашэнне, што нават і сам здзівіўся свайму імгненнаму капрызу. Але спаць у мяне ў тую ноч не атрымлівалася. І я працягваў будаваць у цемры.
Я не вярнуўся дахаты ні на наступны дзень, ні яшчэ праз дзень. Але і ты не прыязджала за мною. Нават не званіла. Грошы, якія я захапіў з сабою, скончыліся. Ежы таксама не заставалася. І ўсё ж я не адчуваў голаду. Часам краў з суседняга саду яблык. Хаця і ён не абуджаў ува мне апетыт. Скура мая абгарэла і высахла пад палаючым сонечным святлом. Цела загартавалася. Я быў падобны да дзікуна, які не мае ні ўзросту, ні розуму, ні мэты.
Так прайшоў тыдзень. Да гэтакага жыцця я пачаў прызвычайвацца, іншага ў мяне як быццам і не было. А дом марудна працягваў уздымацца, быццам Вавілонская вежа. Часам я думаў пра цябе. Магчыма, мне нават хацелася, каб ты прыйшла. Напэўна, я цябе раўнаваў. Думаў пра тое, што аддалася другому. І нават рада майму знікненню. І ўрэшце я прыходзіў да высновы, што, мусіць, так яно і лепей. Магчыма, мяне наведвалі падобныя думкі, але я пра гэта табе ніколі не раскажу.
Ты прыехала да мяне на дзявятую ноч. Прысела побач і глядзела зусім як тады, чатыры гады таму. І што я мог цяпер сказаць? Добры дзень? Добрай ночы? Прабач? Я сумаваў?
Мне заставалася толькі моўчкі глядзець у твае вочы. Ты адкрыла накрыўку кантэйнера. Свечка асвяціла падсмажаныя курыныя ножкі і бульбу. Спакушальна запахла падліўкай.
— Гэта яшчэ не ўсё… — Ты стомлена ўсміхнулася і выцягнула з кішэні складзеную ў чатыры столкі паперу.
Мяне раптам ахапілі дрыжыкі. Быццам я толькі зараз упершыню адчуў холад гэтай начы. Дрыготкай рукою я ўзяў паперу і стаў чытаць, наблізіўшы яе да святла свечкі. Там сухою ўрачэбнай мовай апісваўся памер плоду, яго стан.
Я ўзняў галаву, паглядзеў на цябе і адчуў, як цяжкі камяк душыць мне горла. Хацелася прыціснуць цябе да сябе. Твой твар расплыўся перад вачыма, і я зразумеў, што выраніў дзве вялікія кроплі слёз на паперу. Я паспрабаваў устаць, але ты рухам рукі спыніла мяне.
— Чакай. Ёсць яшчэ нешта.
Здаецца, я прамармытаў нейкую недарэчнасць, калі ты дастала і ўручыла мне яшчэ адну паперу. З той самай радаснай усмешкай я прачытаў тваю заяву на развод. Я не адразу зразумеў сэнс прачытанага, таму лёгкая няўклюдная ўсмешка яшчэ доўга не сыходзіла з майго твару, нават калі ты папрасіла ўважліва прачытаць першую паперу, паказаўшы на той слупок, дзе чорным па белым было напісана, што тэрмін цяжарнасці – пятнаццаць тыдняў, гэта значыць — больш за тры з паловай месяцы.
— Спадзяюся, ты сам усё зразумееш і не станеш мяне ні пра што распытваць і ні ў чым папракаць, хаця гэта і подла ў адносінах да цябе. Наш раман доўжыцца крыху меней за год, і … я зразумела, што кахаю яго… А ў нас з табою няма будучыні…
Не памятаю, што я тады адказаў. Можа, і зусім нічога не гаварыў. Але ясна памятаю, як уявіў тады тую яркую, прыгожую карціну акварэллю, намаляваную няўмелымі пальцамі дзіцяці. Там нас было трое. Ты, я і гэты маленькі, шчаслівы хлопчык. У малюнку ёсць і беласнежнае неба, вытканае чыстымі аблокамі, і зялёны луг, і дрэвы. Але я хачу цябе аб нечым папрасіць. Няхай ён побач з намі намалюе дом з процьмай вокнаў і высокім гарышчам. Вялікі, прыгожы дом, у якім кожнаму захочацца жыць.

З туркменскай. Пераклаў Алесь Карлюкевіч.
Категория: Hekaýalar | Просмотров: 291 | Добавил: Hаwеrаn | Теги: Maksat Bäşimow | Рейтинг: 0.0/0
Awtoryň başga makalalary

Hekaýalar bölümiň başga makalalary

Ýolagçy / hekaýa - 12.01.2024
Pedofiliň ölümi / nowella - 04.01.2024
Umyt – bu dem / hekaýa-esse - 26.01.2024
Düýş gapylary / hekaýa - 26.01.2024
Deñinden ötüp bolmaýan adam / hekaýa - 18.01.2024
Başky söýginiñ müşki / hekaýa - 04.01.2024
Köprüler / hekaýa - 15.01.2024
Gara gözli söýgi ýaşaýarka... / hekaýa - 17.01.2024
Toý sowgady / hekaýa - 12.01.2024
«Daglaryň ruhy» / hekaýa - 07.03.2024

Teswirleriň ählisi: 0
Teswiri diňe saýta agza bolan ulanjylar goşup bilýär.
[ Agza bol | Saýta gir ]