12:48 Asly türkmenistanly belarus ýazyjysy Lýuba Turbina bilen söhbetdeşlik | |
Любоў Турбіна: «Мае цюркамоўныя зацікаўленні…»
Söhbetdeşlik
Любоў Мікалаеўна Турбіна нарадзілася ў Ашхабадзе ў 1942 годзе. У Каракумскі край, у Туркменістан, яе сям’я патрапіла ў эвакуацыю ў час Вялікай Айчыннай вайны. У хуткім часе пасля нараджэння дзяўчынкі Турбіны вярнуліся ў Расію. Пасля быў Мінск, дзе прайшлі школьныя гады, юнацтва, час студэнцтва. У Беларусі прайшло і яе, будучай пісьменніцы, станаўленне як прафесійнага літаратара. І як паэта, і як літаратуразнаўцы. Некаторы час вядомая руская паэтэса і празаік Любоў Турбіна працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Займалася вывучэннем повязяў беларускай літаратуры з азербайджанскай, туркменскай і ўзбекскай літаратурамі. Цяпер Любоў Мікалаеўна жыве ў Маскве, працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук. З пісьменніцай і літаратуразнаўцам – наша размова пра повязі беларускага прыгожага пісьменства з цюркамоўным светам. - Любоў Мікалаеўна, калі вы адкрылі для сябе тэму «Кантакты Беларусі з цюркамоўнымі літаратурамі»? - Прызнацца, тэма «Сувязі беларускай літаратуры з цюркамоўнымі літаратурамі СССР» у Інстытут імя Янкі Купалы была «спушчана зверху» якраз тады, калі я закончыла Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Я сама напрасілася на гэты клопат. Бо ўсімі генамі трымала ў памяці сваё нараджэнне ў сталіцы Туркменістана – у Ашхабадзе. - Ці займаліся такой альбо блізкай да гэтай тэмай раней, да вашых пачаткаў? - Моў усходніх ніхто не ведаў. У гэтым – прычына. І адпаведна да мяне ніхто цюркамоўнымі літаратурамі не займаўся. Літаратурныя сувязі з рэспублікамі Каўказа, Сярэдняй Азіі складваліся за кошт стасункаў паэтаў, празаікаў, якія шмат куды ездзілі. - Так, і я памятаю, што ў 1980-я гады мне расказвалі туркменскія пісьменнікі пра сустрэчы з беларускімі паэтамі ў Каракумскім краі ў розныя дзесяцігоддзі – і пра Алеся Адамовіча (расказваў Какалы Бердыеў), пра Рыгора Барадуліна (Акмухамед Вельсапараў), Алеся Жука і Міколу Калінковіча (Керым Курбанняпесаў), Любоў Філімонаву (Курбан Чаліеў)… - Вось яны і ездзілі ў творчыя камандзіроўкі, на ўсялякія спецыяльныя фестывалі. І прывозілі з далёкіх старонак цікавыя ўражанні – у вершах, апавяданнях, нарысах… Так, у Рыгора Барадуліна быў нарыс «Браты па агню». Я шмат што якраз і даведалася з гэтага тэкста. Шукала і іншыя крыніцы… - Чаму ў якасці разгалінаванняў вашых даследчыцкіх накірункаў былі абраны менавіта гэтыя тры цюркамоўныя літаратуры – туркменская, азербайджанская, узбекская? Ці не было жадання заняцца, напрыклад, турэцкай літаратурай? - Я хацела спачатку заняцца туркменскай мовай. Хацела пачаць менавіта з вывучэння туркменскай мовы. Але нікога не знайшла ў настаўнікі. Затое быў знаёмы яшчэ па інстытуту фізікі, дзе я была на практыцы, пакуль вучылася ў Белдзяржуніверсітэце на фізічным факультэце. Азербайджанскі камуніст… На той час ён ужо быў абязножаны – ляжаў дома, не мог хадзіць. Але розумам гэты чалавек быў надзіва дзеяздольны. І нават сам мне прапанаваў займацца. І нават не за грошы, проста вельмі сумаваў па роднай мове. А яшчэ я прачытала пра азербайджанскую мову, што яна ў 19 стагоддзі была падобная на французскую. Універсальная і вельмі ўжо прыдатная на практыцы. Пасля мне яшчэ даслалі падручнік туркменскай мовы. І ўжо па ім Давуд Шчэрбаб стаў мяне па ім вучыць туркменскай мове. - Яны вельмі блізкія – туркменская і азербайджанская мовы… Мы неяк на кніжнай выстаўцы ў Мінску з азербайджанскім паэтам Чынгізам Алі аглу гарталі туркменскі часопіс. Здаецца, «Дунья эдэбіяты» – «Сусветную літаратуру». І Чынгіз-ага ўсё спакойна перакладаў… - І мне гэта таксама адкрылася адразу. А ў сакавіку 1986 года я паехала ў Баку для вывучэння азербайджанскай мовы ажно на тры месяцы. Так планавалася на крайні выпадак… Але жыццё распарадзілася іначай. Грымнуў Чарнобыль. І я адпаведна вярнулася ў Мінск, да сям’і. - Для даследавання тэмы вы ўсур’ёз ўзяліся за асваенне азербайджанскай мовы. Цікавіла вас і туркменская мова… Наколькі паспяхова ў гэтым засваенні прасоўваліся? Ці перакладалі азербайджанскую паэзію? - Вершы я пішу на рускай мове. І адпаведна вершы азербайджанскіх паэтаў перакладала на рускую. Перш-наперш – творы Вагіфа Самедаглы, сына Самеда Вургуна. Ён быў яшчэ і музыкантам. Мае пераклады яго вершаў змясціў мінскі часопіс «Всемирная литература». Здаецца, напрыканцы 1999 года. Былі і іншыя пераклады, але яны не друкаваліся… З туркменскіх паэтаў шмат перакладала з паэзіі Атамурада Атабаева… - Дарэчы, народны паэт Туркменістана Атамурад Атабаеў – перакладчык і беларуса Алеся Бадака… Яны сустракаліся ў Ашхабадзе. - Я гэтага не ведала. Вершы Атамурада Атабаева друкаваліся ў маіх перакладах на рускую мову ў ашхабадскім часопісе «Юность». - Дзвюхмоўнае выданне. Туркменская версія – «Яшлык». У часопісе выступала і беларуская даследчыца, пісьменніца Любоў Філімонава. - Ёсць у мяне і вершы, прысвечаныя Атамураду Атабаеву… - Якія публікацыі сталі вынікам вашых даследванняў адносна повязяў беларускай літаратуры з цюркамоўнымі літаратурамі? - Былі надрукаваны два грунтоўных артыкулы – «Беларуска-азербайджанскія літаратурныя сувязі савецкага перыяду» і «Беларуска-узбекскія літаратурныя сувязі» . Яны выйшлі ў «Докладах АН БССР». - З 2001 года вы ў Маскве. Працуеце ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук. Ці сочыце з Масквы за развіццём міжнародных стасункаў беларускай літаратуры? - Асаблівую цікавасць па-ранейшаму выклікаюць повязі беларускай літаратуры з усходнімі літаратурамі. У мяне ёсць многія выданні, якія пабачылі свет у апошнія гады. Спадзяюся на новыя здабыткі ў гэтым накірунку. Мажліва, нешта і сама яшчэ перакладу з тых самых туркменскай, азербайджанскай, узбекскай літаратур. Гутарыў: Кастусь ЛАДУЦЬКА. Вторник, 08 октября 2019. | |
|
Teswirleriň ählisi: 0 | |