12:56 Сякера / апавяданне | |
Знаёмцеся: Туркменскі празаік Какамурат Атаеў
Hekaýalar
У апошні час беларуская літаратурна-мастацкая перыёдыка ўсё болей звяртаецца да перакладу туркменскай прозы і паэзіі на беларускую мову. З’явіліся публікацыі ў “Літаратуры і мастацтве”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Бярозка” і “Вясёлка”. Надрукаваны вершы і проза Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава, Атамурада Чапанава, Камека Куліева, Максата Бяшымава, Атаджана Тагана, Бягуль Анабаевай, Чэмен Анабердыевай, Аннамухамеда Кіршэна, Атамурада Атабаева… Гэтаму спрыяе і тое, што ў мінулыя гады беларускія пісьменнікі гасцявалі ў Туркменістане, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Сярод тых, хто спрычыніўся да гарачай Каракумскай старонкі, -- Алесь Бадак, Алена Масла, Юлія Алейчанка, Ігар Лапцёнак… Ды і ў Беларусь прыязджалі паэты, празаікі, перакладчыкі з Туркменістана – Агагельды Аланазараў, Бягуль Анабаева, Газель Шагулыева… Безумоўна, асабістыя стасункі якраз у першую чаргу і спрыяюць новым публікацыям. А зараз увазе чытачоў Інтэрнэт-партала “Созвучие: Литература и публицистика стран Содружества» мы прапануем пераклад апавядання Какамурата Атаева “Сякера” на беларускую мову. Апавяданне досыць нечаканае, пазбаўленае традыцыйнасці. Але, пэўна, гэтым і цікавае. Алесь Карлюкевіч. * * * СЯКЕРА / Апавяданне Сярод самай ночы жонка з трывогай разбудзіла мяне: Падымайся! Што ты дрыхнеш! Нехта грукаецца ў вароты. Ніяк не прачнешся, нават калі дом нехта пачне разбіраць. Падымайся, кажу! Я, разгублена азіраючыся, выпраміўся. Ідзі, паглядзі, што там. Не чуеш, як ён грукоча?! Чую… А хто гэта? Мой муж, -- з’едліва сказала жонка, і адразу ж змякчыла тон, нібыта спужалася пачуць ад мяне: “Калі ён твой муж, дык ідзі, сама яго і сустракай, і пры чым тут я?” – Адкуль мне ведаць, хто гэта. Хто б гэта не быў, трэба ўсё ж даведацца, з чым чалавек прыйшоў. У вароты малацілі без перапынку. Падумаў: “Адчыняць ці не?” Хто гэта можа быць так недарэчы? Навошта ён прэцца? Звычайна так позна прыходзяць, каб паведаміць дурную навіну. Хто памёр? Ці гэта п’яніца, які заблукаў? Ох.. Някліканы госць! Нечаканы чалавек! У такі час… Ох, а раптам гэта мой начальнік! Як тым разам… Я падскочыў. Нават не распытаўшы як след: “Хто ты? Што табе патрэбна?”, адчыніў вароты. Адчыніў і ўздрыгнуў. Перада мною стаяў малады чалавек з сякерай у руках. Даволі такі хударлявы і, цяжка дыхаючы, пыхцеў і глядзеў прама мне ў вочы. Ну што? Чым абавязаны? – сказаў я пры святле лямпы, азіраючы так званага госця зверху ўніз, ад галавы да ног. Стаіць просты хлопец. У старой, зацяганай вопратцы, рваным абутку. Выглядае стомленым. Гэты… Я вартаўнік вунь таго склада. Дзяжуру суткі праз трое. Сам ажаніўся нядаўна. Жыву кватарантам. Ну, і што далей? Толькі што, як быццам пачуў нешта няладнае, сыйшоў з працы, каб наведацца дахаты. Набліжаюся да дома, а адтуль – размова на палову голаса. Паслухаў – мужчынскі голас. Стаю, прыслухоўваюся, чуваць выразна. Пра што будзе размаўляць жанчына сам насам з чужым мужчынам? Канешне, пра што добрае не будзе… Жонка мая, якую я так доўга чакаў, і пры жаніцьбе так моцна ўлез ў пазыкі, аказалася распутная. У маю адсутнасць займалася непрыстойнымі справамі. Вось не ведаю, як мне ў рукі патрапіла сякера. Не ведаю, як і дзе ўзяў яе. Але раптам, не дайшоўшы да дзвярэй, рука з сякерай апусцілася. Падумаў: “Калі я іх заб’ю, яны абодва памруць. Мяне арыштуюць, пасадзяць. Пакараюць з усёй строгасцю. Займаюцца распустай яны, а пакараны буду я. Так што, будзе несправядліва…” Як быць? Дрыжаў, сумняваючыся, доўга яшчэ стаяў ля дзвярэй. І рашыўся пакінуць усё як ёсць. Развесціся нельга, ледзь ажаніўся, і ў пазыках, як невядома хто…А гэтая сякера нічога добрага мне не дасць. Таму няма нічога лепшага, як зрабіць выгляд, быццам мне і невядома ўсё гэта… Шкада, сумна атрымалася. Вельмі дрэнны выпадак.., -- сказаў я, разгубіўшыся яшчэ болей. Сапраўды, мне стала шкада хлопца. І запытаў я яго даверліва, -- А чым я магу цяпер табе дапамагчы? Ён, схаваўшы ў цемру твар, раптам запытаўся: А ты мяне не пазнаў? Пакажы хаця б твар, калі хочаш, каб цябе пазналі! Прыўзняў твар. Я ўгледзеўся болей пільна. Ён падаўся мне знаёмым. О Алах, хто ж гэты няшчасны?! Не, не пазнаў. Ах, забыўся!.. Можа быць, сам нагадаеш?.. Ён ізноў павярнуў твар у бок. М-да… А памятаеш той даўні час, калі толькі жаніўся і пераязджаў у горад? Памятаю. Кватэру здымаў… Так. Днём спаў, а ноччу вартаваў на складзе, таксама памятаеш? Ох. Так. Але ты адкуль гэта ведаеш? – запытаўся я са здзіўленнем. Таму што шмат часу з тае пары мінула. Сорак гадоў прайшло. А гэты хлапчына, відаць, толькі і палову такога тэрміну пражыў. Ён, замест таго, каб адказаць на маё пытанне, звярнуўся да мяне. Давай успамінай тыя гады. Я нікога табе не нагадваю? Я ізноў пачаў уважліва аглядаць яго. Падумаў пра тое, што, можа быць, сын аднаго з маіх тагачасных сябрукоў па рабоце. Але не ведаў, чый ён можа быць сын. Недзе я цябе бачыў… Але дзе, не памятаю. Ён разнерваваўся яшчэ болей, што яго не пазналі. Апусціў галаву, памаўчаў. Хаця я і не сумняваўся наконт добразычлівасці хлопца, які ноччу гуляе з сякерай у руках, аднак паспяшыў правесці яго: Ты пакінуў склад, а сам тут… Я ведаю. Зараз сыйду. На складзе нікога. Я падумаў пра сябе: “Тады навошта тут стаіш, час губляеш”. А ўслых сказаў наступнае: Ты будзь напагатове, раптам нехта грабане склад. Усё ж лепей будзе, калі ты пойдзеш на працу. Ён зглынуў сліну. З’едліва ўсміхнуўся. Вось так… Значыць, ты мяне не пазнаў. Калі б усё гэта адбывалася ў іншы час сутак, то я абавязкова пастараўся б яго пазнаць а так мяне яшчэ і да сну хіліла. Не пазнаў… Ладна. Спаць хочацца. Гэты… Ну добра, не пазнаў, дык не пазнаў. Нічога страшнага. Увогуле я і не знаёміцца прыходзіў. “Навошта тады прыйшоў?”, -- запытаўшся я вачыма. Хацеў аддаць вось гэтую сякеру, калі трэба. Аднак дзівак неймаверны гэты хлопец, ці што яшчэ з ім? На які ляд мне спатрэбілася гэтая сякера? Ці ён хоча падставіць мяне, аддаўшы сваю сякеру? Можа быць, нарабіў чагосьці дрэннага ў сябе дома гэтай сякерай, а цяпер хоча, каб я стаў саўдзельнікам нечага страшнага? Чаго ён дамагаецца? Хаця і не кажа адкрыта, але намеры ў яго нядобрыя. Я лепей правяду яго хутчэй, пакуль не здарылася чаго незваротнага. Не патрэбна мне твая сякера. Калі болей няма чаго сказаць мне, дык я пайду, прылягу, -- адказаў я досыць груба. Ён зморшчыўся. Ну, добра. Не патрэбная, дык непатрэбная. Пайду я, пакуль не разрабавалі склад. Добра, будзь здаровы, -- развітаўся я і зачыніў веснічкі на замок. Уздыхнуў глыбока. “Сыйшоў ці не? Ці ўсё яшчэ стаіць, гуляючы з сякерай?” – падумаў я, спрабуючы нешта разгледзець праз шчыліны ў плоце. Не, вунь ідзе, перакідваючы сякеру з рукі на руку, насвіствае мелодыю нейкай песні. У начной цішыні яго свіст чуваць як ніколі добра. Ён нагадвае мне мелодыю даўняй песні. Зараз ніхто не спявае гэтую сумную песню. Я ж неўпрыкмет пачаў напяваць яе таксама, ва ўнісон свісту майго начнога знаёмца, які ўсё далей крочыў ад плота. І вось ён заспяваў. Значыць, раней я чуў недзе песню. Але дзе менавіта? І раптам у самым таемным куточку сэрца з’явіўся тупы боль. Песня мне падалася наўздзіў знаёмай. Я паглядзеў яшчэ раз у шчыліну плота. Паглядзеў, і ў тым хлопцы з сякерай, які ішоў крыху згорбіўшыся, як салдат у баі, пазнаў сябе, сябе таго, які застаўся ў саракагадовым мінулым. 2014 г. З туркменскай. Пераклад Алеся КАРЛЮКЕВIЧА. | |
|
√ Gurban garawul / hekaýa - 07.09.2024 |
√ Şol tanyş garamyk gözler... / hekaýa - 24.06.2024 |
√ Gara menek / hekaýa - 11.06.2024 |
√ Gürp / hekaýa - 08.09.2024 |
√ Düýş gapylary / hekaýa - 26.01.2024 |
√ Berdi jedeliň aty / hekaýa - 06.08.2024 |
√ Welosiped / nowella - 06.08.2024 |
√ Diwana / hekaýa - 03.09.2024 |
√ Jan / hekaýa - 08.03.2024 |
√ Gyzyl alma / hekaýa - 12.10.2024 |
Teswirleriň ählisi: 0 | |