23:15 Сямейнае кino | |
Друкуецца ў "Маладосцi". Камек Куліеў. Сямейнае кіно
Hekaýalar
Не, што б там ні казалі, а тэлевізар усё ж такі – вялікая рэч! На вуліцы халадрыга несусветная, сівер вые, снег непралазны, а ў хаце, пэўна, і птушкі шчабечуць, і кветкі радуюць. Хіба што не пахнуць яны, а так – вясна, рай, атрымлівай асалоду, колькі душа таго пажадае… І за навінамі нікуды хадзіць не трэба – з усяго свету паведамленні сыплюцца самі… Сядзі і слухай, сядзі і глядзі, колькі душа таго пажадае. Так разважаў Джамшыт-ага, які даўно і мацней моцнага палюбіў тэлевізар. Ён называў гэтую адпаліраваную скрыню са шкляной сценкай “чашай Джамшыта”. Смеючыся, параўноўваў сябе з цёзкам, які быў героем старажытнай легенды. Валодаючы неверагоднымі багаццямі, той, казачны Джамшыт, ці то шах, ці то хан, меў чароўную чашу, на дне якой па свайму жаданню мог пабачыць любы куточак зямлі. Як толькі надыходзіў вечар, Джамшыт-ага пачынаў хвалявацца, быццам рыхтаваўся да нейкіх урачыстасцяў. Павячэраўшы, ён браў вялікую падушку і свабодна размяшчаўся на варсістым дыване. Пагладжваючы рэдзенькую, з жорсткімі ніткамі сівізны бародку, ён казаў як быццам між іншым: — Куванч-бек! Давай зазірнём у нашу чашу Джамшыта. Уключы, калі ласка. Што яна нам падорыць сёння? Джамал-эджэ звычайна размяшчалася за спінай мужа і сына. Яна ўмела глядзець перадачы моўчкі, толькі часам не вытрымлівала і прасіла: — Бацька, прыбяры, дзеля Алаха, сваю шапку, нічога не бачу з-за яе. Яна ў цябе як мінарэт. Джамшыт у адказ жартаваў: — Не перажывай моцна, калі што, дык мы пасля табе ўсё з Куванчам і раскажам. Так было і ў гэты вечар. Жартуючы, паціху папіваючы зялёны чай, хвалюючыся і адчуваючы нецярпенне, ён чакаў кіно. І вось пачалося. Прамільгнула назва – “Як гартавалася сталь”. Пасля болей дробныя словы – "Другая серыя". І дзікая, злосная мяцеліца секанула ў твар, апякла яго… Джамшыт-ага пільна глядзеў у твары бальшавікоў і камсамольцаў, якія ў пякельных умовах будавалі на экране вузкакалейку, і з цяжкасцю верыў, што гэта звычайныя людзі, такія самыя, як і ён. Усё было супраць іх, і нават надвор’е лютавала, як самыя злосныя бандзюкі. Але людзі трымаліся і рабілі сваю справу. Джамшыт-ага злёгку павярнуўся, коратка слізгануў вачыма па твары жонкі і зняў шапку, з якой ну зусім не любіў расставацца. Нечакана пачуўся ломкі басок Куванча: – Эх, усё адно і тое ж… Я гэта дзясяты раз гляджу, відаць, не меней. У Джамшыта тарганулася шчака, ён прытрымаў яе далоняй, але ні сын, ні жонка гэтага не заўважылі. На экране ў імклівым парыве імчалі героі, мільгалі іх твары. — Та-ак, аператар тут пастараўся, нічога не скажаш, майстар! – ізноў загаварыў Куванч. – Шыкоўныя здымкі! Карчагін, накульгаваючы, ішоў да паварыхі. Вось яна, хвалюючыся, лье гарачую ваду на яго абмарожаную нагу, працягвае яму кавалак хлеба. — Ты што, — гнеўна запалалі вочы Карчагіна, — лічыш мяне апошнім гадам?! — Вось што значыць акцёр майстар. Добра іграе, так? Гэтым разам Джамшыт-ага сярдзіта зірнуў на сына, апёк яго позіркам, але нічога не сказаў, толькі паварушыў вуснамі. Куванчу б асцерагчыся, адчуваючы настрой бацькі, але дзе там… — Кіно ёсць кіно, — сказаў ён сумным голасам. – У жыцці так да знямогі працаваць ні адзін дурань не стане. — Вон з хаты! – закрычаў Джамшыт-ага так гучна і нечакана, што Джамал-эджэ спалохана адхіснулася. – Сыходзь, калі так думаеш! Куванч рэзка падняўся: — Ты што, бацька? А хіба гэта не кіно? Як малады, падскочыў і Джамшыт. Хапаючы яго за рукаў, Джамал-эджэ разгублена замітусілася: — Што з табой, бацька? Што здарылася? Ён вырваў з яе рукі свой рукаў, як шашкай узмахнуў: — Маўчы ты! Куванча быццам ветрам знесла. — Не буду маўчаць! Звар’яцеў, ці што? Узяў ды ні з сяго ні з таго дзіця з дому выгнаў! Што з табой? Ты паглядзі, што дзеецца на вуліцы, бацька! — А яны? Ім хіба не было холадна? – Джамшыт-ага доўгім сухім пальцам тыцкаў у бок тэлевізара. — Ці гэта не людзі?! – Джамал-эджэ працягнула руку, каб дакрануцца да шчакі мужа, на якой набрыняў, пачырванеў шрам – здавалася, зараз з яго пырсне кроў. Джамшыт адхіліў яе руку. – Ці яны былі горшымі за твайго сына? Дзі-цят-ка! Ён зачыніў уваходныя дзверы на ключ і сказаў: — Паспрабуй мне толькі ўпусціць яго раней, чым праз дзве гадзіны… Праз нейкі час, крыху супакоіўшыся, Джамшыт-ага падышоў да заплаканай жонкі: — Запомні: праз дваццаць гадоў гэтым сённяшнім малым і нашы пакуты, і нашы ахвяры пададуцца пустым гукам… Вось таксама адкажуць: “Што толькі артысты ні прыдумляюць…” — Бяда, бацька, бяда! – шаптала пасінелымі вуснамі Джамал-эджэ. – Змерзне дзіця. Такі холад… Ён і без таго слабы яшчэ пасля хваробы. — Супыніся! Перастань, кажу табе! Джамал-эджэ уткнулася мокрымі шчокамі ў далоні. Зрабіўшы пару крокаў, Джамшыт глуха кашлянуў: — Кхм… Ну, няхай… Упусці яго праз паўгадзіны. Кішэнны гадзіннік “Маланка” каменем упаў на падушку. Слаба бразнула па крышцы сярэбраная змейка ланцужка. З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча. | |
|
√ Gürp / hekaýa - 08.09.2024 |
√ Kyrk ýyldan soñ gaýdyp gelen şol aýazly gün / hekaýa - 19.01.2024 |
√ Шер аминь / рассказ - 20.01.2024 |
√ Halasgär barsyň hamy / hekaýa - 24.06.2024 |
√ Kislowodskide bolan waka / nowella - 25.07.2024 |
√ Surat / nowella - 14.03.2024 |
√ Gargyş mama / hekaýa - 13.09.2024 |
√ Sen aman bol bu dünýäde / hekaýa - 22.01.2024 |
√ Haýsy gowy? / Gündogar hekaýaty - 05.03.2024 |
√ Tagmaly gyz - 09.08.2024 |
Teswirleriň ählisi: 0 | |